Пособие по бел. языку 2012 г.



Установа адукацыі

“МІЖНАРОДНЫ ДЗЯРЖАЎНЫ ЭКАЛАГІЧНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

ІМЯ А. Д. САХАРАВА”

Т. І. Красоціна, К. У. Іванец

БЕЛАРУСКАЯ МОВА.

ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА

Дапаможнік па курсе

Беларуская мова. Прафесійная лексіка”

для студэнтаў экалагічнага профілю

Рэкамендавана

вучэбна-метадычным аб’яднаннем

вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь

па экалагічнай адукацыі

ў якасці вучэбнага дапаможніка

для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў

па ўсіх спецыяльнасцях

Мінск 2012

УДК

811.161.3 (075.8)

Рэцэнзенты:

кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры

беларускай філалогіі БДТУ М. В. Трус;

кандыдат педагагічных навук, дацэнт,

рэктар прыватнай установы адукацыі

“Жаночы інстытут ЭНВІЛА” В. В. Шахаб

Красоціна, Т. І.

Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Дапаможнік па курсе «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» для студэнтаў экалагічнага профілю / Т. І. Красоціна, К. У. Іванец. – Мінск: МДЭУ імя А. Д. Сахарава, 2012. – 103 c.

У дапаможніку сцісла пададзены тэарэтычны матэрыял па раздзелах: “Лексікалогія”, “Лексікаграфія”, “Тэрміналогія”, “Марфалогія”, “Сінтаксіс”, “Стылістыка”, “Культура прафесійнага маўлення”, прапануецца сістэма практыкаванняў і заданняў, надаецца ўвага засваенню тэрміналагічнай і спецыяльнай лексікі.

Прызначаецца для студэнтаў экалагічнага профілю. Можа быць выкарыстаны студэнтамі іншых спецыяльнасцей.

ПРАДМОВА

Дапаможнік “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” створаны на аснове тыпавой праграмы “Беларуская мова. Прафесійная лексіка. Вучэбная праграма для вышэйшых навучальных устаноў ”, згодна з якой асноўная ўвага звяртаецца на лексіку мовы паводле паходжання і сферы ўжывання, актыўную і пасіўную лексіку, асаблівасці навуковага і афіцыйна-справавога стыляў мовы, культуру маўлення. Матэрыялы, змешчаныя ў дапаможніку, разлічаны на замацаванне і паглыбленне ведаў па асноўных раздзелах беларускага мовазнаўства, на авалоданне навуковай тэрміналогіяй адпаведна выбранай прафесіі, уменне карыстацца тлумачальнымі, перакладнымі і спецыяльнымі слоўнікамі і адпаведнымі дапаможнікамі. З улікам таго што на Беларусі вялікі ўплыў мае інтэрферэнцыя, у выкладанні курса значная ўвага надаецца супастаўленню і выяўленню адрозненняў беларускай і рускай моў.

Матэрыял, змешчаны ў дапаможніку, сістэматызаваны па сямі раздзелах: “Лексікалогія”, “Лексікаграфія”, “Тэрміналогія”, “Марфалогія”, “Сінтаксіс”, “Стылістыка”, “Культура прафесійнага маўлення”. У практычную частку дапаможніка ўключаны тэксты для перакладу, а таксама кароткі руска-беларускі тэрміналагічны слоўнік, узоры справавых папер. Кожная тэма суправаджаецца невялікім граматычным матэрыялам, пасля якога ідуць заданні і практыкаванні, на базе якіх ажыццяўляюцца ўсе віды маўленчай дзейнасці. Матэрыялы практыкаванняў прафесійна арыентаваныя: грунтуюцца на прафесійнай лексіцы, галіновай і агульнанавуковай тэрміналогіі, спецыяльных тэкстах. Акцэнтуецца ўвага на тэрміналагізацыі часцін мовы. Розная ступень цяжкасці практычнага матэрыялу дае магчымасць выкарыстоўваць яго як пры групавым, так і індывідуальным навучанні студэнтаў. Пэўныя заданні дапамагаюць студэнтам набыць навыкі афармлення справавых папер і даведачна-бібліяграфічнага спісу навуковай літаратуры.

БЕЛАРУСКАЯ МОВА. ЭТАПЫ СТАНАЎЛЕННЯ І РАЗВІЦЦЯ

Адметнай формай культуры народа з’яўляецца мова, у якой найперш выяўляецца духоўная самабытнасць пэўнай грамадскай супольнасці людзей. Як катэгорыя грамадская (або сацыяльная), яна з’яўляецца неабходнай умовай існавання грамадства, тым падмуркам, на якім яно трымаецца. Беларуская мова з’яўляецца нацыянальнай мовай беларускага народа. У яе склад ўваходзіць літаратурная мова, тэрытарыяльныя (паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні) і сацыяльныя (моладзевы (студэнцкі) слэнг, жаргонная і аргатычная лексіка), дыялекты, прастамоўе, трасянка і рускамоўны нацыялект.

У эпоху фарміравання нацый адбываецца станаўленне адзінай літаратурнай мовы, якая пачынае абслугоўваць усе сферы пісьмовых і вусных зносін і паступова выцясняе астатнія разнавіднасці мовы. Распаўсюджваецца адзінае вуснае літаратурнае маўленне. Працэс пашырэння літаратурнай мовы асабліва паскараецца ў перыяды інтэнсіўнага сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця нацыі. Павышэнне агульнаадукацыйнага ўзроўню, узрастанне ролі сродкаў масавай інфармацыі ствараюць спрыяльныя ўмовы для шырокага распаўсюджвання літаратурнай мовы сярод усіх прадстаўнікоў нацыі. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да звужэння ролі і функцый мясцовых гаворак і іншых разнавіднасцей нацыянальнай мовы.

Асаблівасцю ўтварэння мовы беларускай нацыі было тое, што новая беларуская мова амаль не мела традыцый пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай – мовай беларускай народнасці – і складвалася на народна-гутарковай аснове.У пачатку ХХ ст. беларуская мова набыла ўсе правы і функцыі нацыянальнай мовы. Упершыню пасля некалькіх стагоддзяў перапынку яна пачала абслугоўваць усе сферы жыцця беларускай нацыі. Значнае пашырэнне грамадскіх функцый спрыяла развіццю самой беларускай нацыянальнай мовы, і ў першую чаргу яе літаратурнай формы. За кароткі час значна ўзбагаціўся слоўнікавы запас, развіліся функцыянальныя стылі, удасканаліўся граматычны лад, замацаваліся літаратурныя нормы, была створана навуковая тэрміналогія. На сучасным этапе беларуская нацыянальная мова паспяхова выконвае свае функцыі ў розных сферах зносін паміж людзьмі, на ёй ствараецца разнастайная мастацкая літаратура, выдаюцца газеты і часопісы, друкуюцца навуковыя працы, яна гучыць па радыё і на тэлебачанні,што з’яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню яе развіцця.

Беларуская мова належыць да індаеўрапейскай моўнай сям’і, славянскай моўнай групы і ўсходнеславянскай падгрупы. На працягу доўгага часу ўсходнеславянскія народнасці, у тым ліку і беларуская, карысталіся адной пісьмовай старажытнаўсходнеславянскай мовай. На гэтай мове створана даволі шмат рукапісных помнікаў (рэлігійных, справавых, мастацкіх). Найбольш вядомымі помнікамі таго часу з’яўляюцца “Слова пра паход Ігаравы”, “Аповесць мінулых часоў” і інш. З улікам наяўнасці пісьмовых помнікаў, што створаны на нашай зямлі, усю гісторыю беларускай літаратурнай мовы можна падзяліць на тры перыяды яе развіцця. Першы перыяд (X – XIV стст.) – агульны для ўсіх усходніх славян. Гэта час існавання і развіцця старыжытнарускай літаратурнай мовы. Тады яшчэ не было кнігадрукавання, таму ўсе пісьмовыя помнікі з’яўляюцца рукапіснымі; да нашага часу захавалася каля тысячы разнастайных рукапісаў гэтага перыяду. Другі перыяд існавання беларускай літаратурнай мовы (XIV – XVIII) – старажытнабеларускі. Мову гэтага часу прынята называць старабеларускай. Яна сфарміравалася на аснове ўсходнеславянскай літаратурнай мовы. Старабеларуская мова ў XVI ст. з’яўлялася дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім і выкарыстоўвалася ва ўсіх сферах гаспадарчага і грамадскага жыцця, ва ўрадавых установах, судзе, школе, дыпламатычнай перапісцы. Самыя каштоўныя помнікі гэтага перыяду, створаныя на старабеларускай мове, – гэта Статуты ВКЛ, Літоўская метрыка, г.зн. архіў урадавай канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага (каля 600 тамоў), арыгінальныя паэтычныя тэксты Андрэя Рымшы, Сімяона Полацкага, публіцыстычныя тэксты (“Прамова Мялешкі”, “Ліст да Абуховіча” і інш.), летапісы (хроніка Быхаўца, Баркулабаўскі летапіс і інш.). Асабліва важную ролю ў развіцці тагачаснай культуры адыграла кнігадрукаванне, заснавальнікам якога быў таленавіты вучоны і асветнік Францыск Скарына. Яго выдавецкая дзейнасць паслужыла пачаткам кнігадрукавання ва ўсходніх славян. Вялікі ўклад у развіццё беларускай мовы ўнеслі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Але ўжо ў канцы XVI ст. пачынаецца актыўны працэс паланізацыі беларускага і ўкраінскага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Беларуская мова паступова страчвае сваю поліфункцыянальнасць. Забарона беларускай мовы Варшаўскім сеймам у 1696 годзе і негатыўныя адносіны да яе царскага ўрада Расіі выклікалі вялікі разрыў паміж пісьмовымі традыцыямі старабеларускай і сучаснай беларускай мовы. Гэта быў заключны этап у працяглай гісторыі старажытнай беларускай літаратурнай мовы. Толькі беларуская народна-дыялектная мова па-ранейшаму жыла ў народзе, які нязменна карыстаўся родным словам і стварыў надзвычай багаты фальклор. Трэці перыяд развіцця беларускай літаратурнай мовы пачынаецца з XIX стагоддзя і доўжыцца па наш час. Гэта перыяд новай сучаснай літаратурнай мовы. У працэсе яе станаўлення галоўную ролю адыграла мастацкая літаратура.Узнікаюць вершаваныя беларускія творы “Тарас на Парнасе”, “Энеіда навыварат”, выходзяць першыя аўтарскія творы на беларускай мове А.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі, Я.Чачота. У іх творах можна было заўважыць ужо такія рысы, як аканне, яканне, дзеканне, цеканне і інш. У другой палове XIX ст. на беларускай мове ствараюцца гутаркі “Пра багацце і беднасць”, “Гутарка старога дзеда”, друкаваная газета “Мужыцкая праўда” К.Каліноўскага і інш.

На пачатку XX ст. падзеяй, што рашуча змяніла ўмовы культурнага развіцця народаў царскай Расіі, была рэвалюцыя 1905–1907 гг. Была знята забарона карыстацца беларускай мовай, друкаваць на ёй. У Пецярбургу ў гэты час дзейнічала беларускае таварыства (“суполка”) “Загляне сонца і ў наша ваконца”, якое выдала 38 кніг агульным тыражом больш за 100 тысяч экзэмпляраў. Сярод іх “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі, “Жалейка” Янкі Купалы, “Абразкі” Змітрака Бядулі, ”Песні” Цішкі Гартнага і інш. Пачынаюць выходзіць легальныя беларускія газеты і часопісы (газеты: “Наша ніва”, “Наша доля”, “Беларус”, “Гоман” і інш., часопісы: “Лучынка”, “Крапіва” (сатырычны часопіс), “Саха” (сельскагаспадарчы часопіс), “Раніца” (студэнцкі часопіс) і інш.). Побач з вершамі, апавяданнямі, афіцыйнымі паведамленнямі, сацыяльнымі публікацыямі і інш. друкуюцца публіцыстычныя выданні: нататкі, нарысы, хронікі, інфармацыйныя паведамленні, навукова-папулярныя артыкулы і рэцэнзіі.

Новы этап у гісторыі беларускай літаратурнай мовы звязаны са стварэннем на пачатку 20-х гг. XX ст. беларускай дзяржавы. Беларуская мова стала мовай дзяржаўных і грамадскіх устаноў, мовай школы і навукі, мовай мастацкай літаратуры і перыядычнага друку, радыё і тэатра. Пачалося сістэматычнае і глыбокае даследаванне фанетыкі, лексікі, граматычнага ладу беларускай літаратурнай мовы. Таму паўстала пытанне сістэматызаваць і упарадкаваць яе правапісныя і лексіка-граматычныя нормы. Гэту задачу фактычна выканаў Браніслаў Тарашкевіч, які ў 1918 годзе выдаў “Беларускую граматыку для школ”. Аднак граматыка Б.Тарашкевіча не змагла дакладна вызначыць усе характэрныя рысы беларускай мовы і паслядоўна сфармуляваць іх у адпаведных граматычных правілах, адразу і канчаткова замацаваць граматычныя і арфаграфічныя нормы.Таму ў 20-я гады XX ст. разгарнулася шырокая дыскусія па пытаннях нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. Для ўпарадкавання норм роднай мовы ў лістападзе 1926 года прайшла міжнародная акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі.

У 1933 годзе была прынята пастанова Савета Народных Камісараў БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”, арыетаваная на законы арфаграфіі рускай мовы. З гэтага часу пачынаецца мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы са сферы навучальна-выхааўчага працэсу ў школе. Паступова беларуская мова выцясняецца і з многіх іншых сфер грамадскага жыцця.Аднак праца па ўдасканаленні беларускай літаратурнай мовы працягвалася. У 1957 годзе Савет Міністраў БССР прыняў пастанову “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу”, праект якой быў абмеркаваны грамадскасцю. Звод правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, арфаграфічны слоўнік, граматыкі, розныя граматычныя даведнікі і лексікаграфічныя дапаможнікі, выдадзеныя з улікам гэтай пастановы, унеслі неабходную дакладнасць у правапіс слоў, урэгулявалі некаторыя ўзаемаадносіны паміж фанетычным і марфалагічным прынцыпамі беларускага правапісу. Канец 30-х гг. – 80-я гг. XX ст. – гэта этап, калі руская мова фактычна выконвала ролю дзяржаўнай, выцесніўшы беларускую мову,таму што займала дамінуючае становішча ў сферах грамадска-палітычнага, адміністрацыйнага і вытворчага жыцця, пераважала ў народнай адукацыі, рэспубліканскім друку. Але беларуская літаратурная мова ў гэты час захавалася і працягвала сваё далейшае развіццё дзякуючы намаганням многіх беларускіх мовазнаўцаў, паэтаў і пісьменнікаў, што стваралі свае творы розных мастацкіх жанраў на беларускай мове: паэзія (П.Броўка, П.Глебка, М.Танк, П.Панчанка, А.Куляшоў, Р.Барадулін інш.), проза (М.Лынькоў, Я.Брыль, І.Мележ, У.Караткевіч, В.Быкаў, І.Шамякін, І.Навуменка, У.Арлоў і інш.), драматургія (У.Галубок, К.Крапіва, А.Маўзон, А.Макаёнак, А.Дудараў і інш.).

У 1990 годзе быў прыняты Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, у адпаведнасці з якім беларускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай. Закон прадугледжваў аднаўленне беларускай мовы найперш у сферы афіцыйна-дзелавога ўжытку, а таксама ў адукацыі. Але 14 мая 1995 года адбыўся першы агульнарэспубліканскі рэферэндум, дзе большая частка насельніцтва выказалася за дзяржаўнае двухмоўе, г.зн. беларуская і руская мовы могуць раўнапраўна выкарыстоўвацца як дзяржаўныя ў розных сферах жыцця рэспублікі.

Зыходзячы з апошняга перапісу насельніцтва роднай мовай беларускую 53,2% насельніцтва краны, і дома на ёй размаўляе 23% насельніцтва.

23 ліпеня 2008 года Прэзідэнтам Рэспублікі беларусь быў падпісаны закон Рэспублікі Беларусь № 420-З “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктацыі”, які ўступіў у сілу з 1 верасня 2010 года.

Заданні

1. Дапішыце сказы, дапоўніўшы іх інфармацыяй:

1) Старабеларуская мова ўзнікла прыкладна ў …

2) У якасці дзяржаўнай мовы ў Беларусі руская мова ўведзена…

3) … – вядомыя беларускія асветнікі

4) Беларуская мова адносіцца да …сям’і, да … групы, да … падгрупы.

5) Паводле новых правіл арфаграфіі наступныя словы пішуцца з літарай: Ватэрло.., Токі.., Ры.. дэ Жан..йра, прынт..р, скут..р, фламаст..р, правайд..р.

2. Прачытайце наступныя тэксты. Напішыце тэкст па пачатку.

1)Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і падобныя ім бароняць вуллі свае, – гэтак і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, у Бога верачы, да таго месца вялікую ласку маюць (Францыск Скарына).

2)Родная мова ў дакладным значэнні ёсць самая любімая спадчына нацыі; праз яе пасрэдніцтва лягчэй за ўсё пранікнуць у душу нацыі, закрануць пачуцці, праясніць розум, падштурхнуць адпаведную думку, заклікаць да дзеяння, змагацца са страсцямі, ствараць дабрачыннасць (Аляксандр Ельскі).

3)…Закладзі спадчыну ў мову – перш за ўсё. Бо выдзьмуць вятры з гісторыі напамінак пра тых, хто нядбала адмахваецца ад яе, як ад нечага брыдотнага і аджытага, або усчынае дратаваць роднае з родных – сваё Слова. Адно яно будзе жыць, бо ў мове закладзена вялікая жыццетрываласць, і нездарма дайшло ад старажытных: “У пачатку было Слова, і Слова было ад Бога, і Бог быў Слова” (Максім Лужанін).

Напішыце міні-сачыненне на адну з прапанаваных тэм:

•Мова – духоўны скарб народа

•“Не пакідайце мовы сваёй, каб не ўмёрлі…” (Ф. Багушэвіч)

ЛЕКСІКАЛОГІЯ

Адназначныя і мнагазначныя словы

Лексікалогія – гэта навука аб словах і аб слоўнікавым складзе мовы.

Слова – найменшая сэнсавая адзінка мовы, асноўная функцыя слова ў мове – назыўная, або намінатыўная. Словы служаць для абазначэння прадметаў, іх якасцей, дзеяння, стану, прыметы дзеяння, колькасці. Гэта граматычныя значэнні слоў. Яны даюць падставу для вылучэння часцін мовы і іншых граматычных класаў.

Змест слова складае яго лексічнае значэнне. У лексічным значэнні праяўляецца нацыянальная своеасаблівасць мовы. Са змяненнем умоў самога жыцця змяняецца і лекічнае значэнне слоў.

Словы, якія маюць толькі адно значэнне, называюцца адназначнымі. Гэта пераважна словы, якія абазначаюць навуковыя і тэхнічныя паняцці, а таксама некаторыя назвы раслін, жывёл, птушак, прадметаў (кісларод, гідрасфера, алень, аловак і інш.). Большасць слоў беларускай мовы маюць не адно, а некалькі значэнняў, такія словы называюцца мнагазначнымі. Напрыклад, бялок – гэта празрыстая частка птушынага яйца, якая акружае жаўток; бялок складанае арганічнае рэчыва; белая, празрыстая абалонка вока. Вылучаюцца тры віды мнагазначных слоў: метафара (перанос назвы з аднаго прадмета на іншы на аснове падабенства іх прыкмет – формы, колеру, функцыі і інш.) ідзе чалавек – ідзе зіма, яблык (плод) – вочны яблык; метанімія (перанос назвы з аднаго прадмета на іншы на аснове сумежнасці, часавых, прасторавых, асацыятыўных сувязей) аўдыторыя – памяшканне і слухачы, ліст – матэрыял для пісьма і дакумент; сінехдаха (замена назвы цэлага на частку цэлага або перанос з адзіночнага ліку на множны лік і наадварот) вольна ў небе птушцы (не адной, а ўсім птушкам).

Заданні

1. Выпішыце спачатку адназначныя словы, а пасля – мнагазначныя.

Глеба, багавінне, сумесь, бактэрыя, карозія, гідроліз, стандарт, прынтар, барабан, сталь, клетка, авітаміноз, ныркі, прамысловасць, сакратар, далонь, генетыка, донар.

2. Растлумачце значэнне слоў і выразаў. Выкарыстоўвайце пры неабходнасці тлумачальны слоўнік.

Мікраарганізмы, радыебіялогія, атмасфернае паветра, экалагічны кантроль, ультрафіялетавае выпраменьванне, біяпаліва, меліярацыя, хімічнае забруджванне, антрапагенны аб’ект, ген.

3. Прачытайце тэкст. Знайдзіце ў тэксце мнагазначныя словы, патлумачце іх значэнне.

Выкарыстанне ў якасці паліва для аўтамабіляў біяэтанолу пацягне за сабой рост аб’ёмаў выкіданага ў атмасферу вуглякіслага газу, а таксама прывядзе да павелічэння плошчаў высечаных лясоў. Раней лічылася, што біяпаліва нейтральна па адносінах да экалогіі, аднак навукоўцы палічылі ўсю шкоду, якая прычыняецца атмасферы падчас збору раслін, з якіх робіцца біяэтанол (цукровы трыснёг, кукуруза), іх перавозкі і перапрацоўкі, і высветлілі, што выкарыстанне біяэтанолу ў выніку можа прывесці да павелічэння выкідаў вуглякіслага газу. З ростам патрэбы краін у біяпаліве вырасце і плошча палёў, якія выкарыстоўваюцца для сяўбы кукурузы і трыснёгу, што прывядзе да высечкі лесу. Зменшаныя лясныя масівы ў сваю чаргу будуць перапрацоўваць у кісларод меншыя аб’ёмы вуглякіслага газу (часопіс “Экалогія Беларусі”)

Амонімы

Амонімы (грэч. homos –аднолькавы і onyma – імя) – словы, якія аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць розныя значэнні. Выдзяляюць лексічныя, марфалагічныя, фанетычныя і графічныя амонімы. Поўныя лексічныя амонімы – словы, якія супадаюць у гучанні і напісанні ва ўсіх сваіх граматычных формах (сасновы бор(лес) і бор у табліцы Мендзялеева (хімічны элемент)). Марфалагічная амонімы (амаформы) – словы, у якіх супадаюць у вымаўленні і напісанні толькі асобныя формы (не маюць супадзенняў у пачатковай форме),гэта, як правіла, словы розных часцін мовы (калгасныя палі (назоўнік) і палі агарод (дзеяслоў).Фанетычныя амонімы (амафоны) – гэта словы, якія гучаць аднолькава, але пішуцца па-рознаму: (цікавы раман і сын Раман). Асобную групу складаюць графічныя амонімы (амографы), якія ўяўляюць сабой словы, што пішуцца аднолькава, але адрозніваюцца ў вымаўленні месцамі націску (му́ка – мука́, па́даць – пада́ць).

Заданні

1. Вызначце від амонімаў.

Прыгожы арол і горад Арол; вулканічная лава і драўляная лава; вечны мір і мястэчка Мір; сталы чалавек і паставіць сталы, горка мне і чыгуначная горка; везці грузы і весці дзяцей у тэатр; зайсці ў сталовую і сталовая лыжка; даць гасцінец і шырокі гасцінец; музычная арфа і арфа для ачысткі зерня.

2. Складзіце словазлучэнні з кожным словам, вызначце тып кожнай пары.

Журавель, пара, кампанія, слаць, колас, тры, пусціць, пяро, каса, рабочы.

3. Суаднясіце:

1.Дзядзькава каса – каса дзяўчыны а) метанімія

2.Выехаць на трасу і трасу за плечы б) сінекдаха

3.Смачны расольнік і смачная каўбаса в) амографы

4.Чэмпіён па боксе і лячэбны бокс г) метанімія

5.Шкодныя краты і жалезныя краты д)лексічныя амонімы

6.Вера ў чалавека і дачка Вера е) адназначныя словы

7.хвост яшчаркі і хвост калоны ж) амафоны

8.У лясах водзіцца заяц, воўк, ліса з) амаформы

Сінонімы

Сінонімы — словы адной часціны мовы, розныя па гучанні і напісанні, але якія маюць аднолькавае або вельмі блізкае лексічнае значэнне: журба – туга, сум, смутак; цень – засень. Яны служаць для павышэння выразнасці мовы, дазваляюць пазбягаць яе аднастайнасці.

Заданні

1. Падбярыце да кожнага слова групу сінонімаў. Падкрэсліце дамінанту.

Сумна, лес, сябар, рэпарацыя, слой, рэчыва, абманваць, удалы, вінтоўка.

2. Ці правільна падабраны сінонімы да кожнага рада? Абгрунтуйце свой адказ.

Дзіда – піка – кап’ё;

Сябраваць– таварышаваць – варагаваць – калегаваць;

Шаша – дарога – аўтамагістраль – аўтастрада – аўтабан;

Мяцеліца – завея – замець – мітусня – завіруха;

Ахоўнік – вартаўнік – вахцёр – каравульны – стораж.

12. Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Выпішыце словы, да якіх можна падабраць сінонімы.

Признаком устойчивой экологической системы является стабильность определенных характеристик. Так, например, экологически устойчивая система Земля имеет постоянную массу и постоянную среднюю температуру. Под экологической катастрофой следует понимать переход системы из одного устойчивого состояния в другое. Например, повышение средней температуры Земли может привести к таянию полярных льдов, опустыниванию почв, вымиранию определенных видов фауны и флоры. Тем не менее, Земля, как элемент Солнечной системы, скорее всего, останется такой же стабильной, как и ранее. Экологические катастрофы могут иметь различные уровни – от локальных (гибель леса, осушение моря) до глобальных (в масштабах Земли, Солнечной системы, Галактики и даже Вселенной) (часопіс “Экалагічны веснік”).

Антонімы

Антонімы ўяўляюць сабой словы з супрацьлеглым значэннем, яны ўжываюцца для абазначэння паняццяў, якія ніякім чынам не суадносяцца адно з адным: гаварыць – маўчаць; раніца – вечар. Супрацьлеглае значэнне словы могуць набываць і дзякуючы наступным прыстаўкам: не-, без-, анты-, контр- і інш.

Заданні

1. Падбярыце да слоў антонімы.

Цвёрдая мазгавая абалонка, аэробы, дыястала, дамінантнасць, асіміляцыя, пярэдні мозг, мітоз, гіпертрафія, генерацыя, павелічэнне, забруджвальнік, смяротнасць, зачыніць, выйсці, мелітарызм, аселасць, актыўнасць, туды, наперад, чысты.

2. Ці правільна падабраны да слоў антонімы? Абгрунтуйце, наколькі правільна падабраны антонімы да слоў.

Ціхі голас – гучны голас; радасны дзень – бязрадасны дзень; ціхая вуліца – шумная вуліца; дэмакрат – антыдэмакрат; ціхі ход –гучны ход; наступленне –атака; гарачы чай –цёплы чай; цёмны чалавек –светлы чалавек; цёмныя думкі – светлыя думкі; гарачы прыём – халодны прыём; цёмныя валасы – светлыя валасы; вядомы – антывядомы; цёмная справа – чыстая справа.

3. Прачытайце тэкст. Выпішыце выдзеленыя словы, падбярыце да іх антонімы.

Калі ёсць магчымасць выбіраць месца жыхарства, аддавайце перавагу загарадным і спальным раёнам, дзе няма буйных трас і дзе не сканцэнтраваны вытворчыя прадпрыемствы. Для дома па магчымасці набывайце натуральную мэблю, пры будаўніцтве і рамонце выкарыстоўвайце экалагічна чыстыя матэрыялы. Калі вы пакутуеце астмай ці іншымі рэспіраторнымі захворваннямі, сачыце за экалагічным становішчам. Калі канцэнтрацыя ў паветры шкодных рэчываў перавышана, пазбягайце фізічных нагрузак і трымайце пад рукой неабходныя медыкаменты. Вяртаючыся з вуліцы, вытрасайце вопратку і мыйцеся ахалоджанай вадой. Гэта дапаможа хаця б часткова пазбавіцца ад забруджвання. Адчуўшы моцны хімічны пах, напрыклад серы, неадкладна пакіньце гэта месца. Калі ў гэты момант вы знаходзіцеся на вуліцы, хутка ўвайдзіце ў закрытае памяшканне. Гэтыя парады так ці інакш дапамогуць вам знізіць уздзеянне неспрыяльных фактараў на ваша здароўе (часопіс “Эколаг”).

Паронімы

Паронімы – словы з блізкім гучаннем, але розным лексічным значэннем. Напрыклад аператыўны і аперацыйны; атамнік і атамшчык; вытворны і вытворчы. Паронімамі бываюць: назоўнікі (нявеста — нявестка);прыметнікі (ласкавы — ласкальны); дзеясловы (чырванець — чырваніць).Паранімічнымі парамі выступаюць спрадвечна беларускія словы (сыты- сытны) і запазычаныя (абанент – абанемент, эфектны — эфектыўны). Словы-паронімы адрозніваюцца паміж сабою прыстаўкамі (павіннасць – правіннасць, надзвычайна – незвычайна), або суфіксамі (слоўны – слоўнікавы, малаважны – малаважкі).

Заданні

1. Складзіце і запішыце сказы з наступнымі словамі-паронімамі.

Карысны і карыслівы; горны і гарысты; давер і даверлівасць; вадзяны і вадзяністы; гаспадарчы і гаспадарлівы; адзінкавы і адзіночны; языкаты і язычніцкі; абагуліць і абагульніць; фармаваць і фарміраваць; цэглавы і цагляны; абонент і абанемент; вугляродны і вугляродзісты; вегетацыйны і вегетатыўны.

2. Спішыце сказы, выбраўшы правільнае слова з прапанаваных.

На запытанне прадпрыемства Міністэрствам прамысловасці і сельскай гаспадаркі быў дадзены (пісьмовы / пісьменны) адказ.

Для прытоку крыві медыкі часта выпісваюць (цыркуляцыйны / цыркулярны) душ.

Ліст дайшоў у пункт месцажыхарства (адрасата / адрасанта).

На міжнародным форуме найбольш яскрава сябе праявілі (дыпламанты / дыпламаты) з Расійскай Федэрацыі.

Памяшканню па вытворчасці штучных угнаенняў патрабуецца (касметычны / касмічны) рамонт.

Толькі ў (гаспадарчага / гаспадарлівага) чалавека ў хаце будзе прыбытак.

Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

Лексіка беларускай мовы паводле паходжання падзяляецца на тры групы: агульнаславянская, спрадвечна беларуская лексіка і лексіка іншамоўнага паходжання. Словы агульнаславянскай лексікі (сёння налічваецца каля 2 тыс. слоў) сустракаюцца ва ўсіх славянскіх мовах. Гэта назвы асоб: сын, сястра, брат; частак цела: глотка, валасы; свойскіх жывёл: бык, карова, каза; раслін: асака, бяроза, ліпа; адзення, абутку: кабат (безрукаўка), кашуля; адцягненых паняццяў і з’яў прыроды: заўтра, агонь; дзеянняў, стану: ісці, гаварыць, маўчаць; займеннікі: я, ты, мы; колеры: белы, чорны, зялёны. Уласнабеларускія словы складаюць самабытнасць і непаўторнасць беларускай мовы. Сярод іх выдзяляюць наступныя тэматычныя групы: абстрактныя паняцці: помста, адчай, пакута; назвы атмасферных з’яў: навальніца, маланка, спёка; тэрміны: азначэнне, выклічнік, дзейнік і інш. Запазычаная лексіка – гэта вынік эканамічных, палітычных і культурных сувязей з іншымі народамі, а таксама цесных моўных кантактаў. Сёння найбольшая колькасць запазычанняў прыпадае на:

славянскія мовы: аказаць, бальшавік, дзекабрыст (русізмы); боршч, журыцца, чупрына (украінізмы); рыдлёўка, слуп, кірунак (паланізмы);

неславянскія мовы: акіян, этап, эпоха (грэцызмы); акварыум, апендыкс, ангіна (лацінізмы); шпрыц, бінт, вафлі, шпінат (германізмы); суфлёр, партэр, вернісаж (галіцызмы) і інш.

Сёння асобную групу складаюць экзатызмы – словы і выразы, якія запазычаны з малавядомых моў і ўжываюцца звычайна для надання мове асобага каларыту (кішлак, армяк, бурштын (цюркізмы)), украпленні – гэта словы ці цэлыя выразы з якой-небудзь мовы, што захоўваюць сваю іншамоўную форму без усялякага змянення (warum? – з нямецкай – чаму?; white witch – з англійскай – белая ведзьма), і варварызмы – іншамоўныя словы ці выразы, якія ў выніку пераемнасці атрымоўваюць больш ці менш рэгулярнае ўжыванне ў мове, але не засвойваюцца ў ёй да канца, часцей за ўсё ў сувязі з цяжкасцямі граматычнага засваення (сэ ля ві – з французскай – такое жыццё; о’кэй – з англійскай – усё добра; veni, vidi, viri – з лацінскай – прыйшоў, убачыў, перамог).

Асноўныя прыметы запазычаных слоў наступныя:

1) наяўнасць у слове ф: феномен, фасфарытны, флюараграфія;

2) пачатковыя э, о і непрыставачнае а: эрытрацыты, артапедыя, амяла;

3) спалучэнні ге,ке, хе ў корані: гематалогія, генетыка, геном, гемоліз;

4) спалучэнні бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюлютэнь, бюро, кювет, мюзікл, пюрэ;

5) спалучэнні двух галосных у корані: гігіена, радыебіялогія, фізіялогія, анаэробы;

6) цвёрдасць зычных д і т у спалучэннях дэ, ды, тэ, ты: , адэназін дысіміляцыя, медыцына, інтэрфенон,антыген;

7) прыстаўкі а-, ант(ы)-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-, амфі- і інш.: антыцелы, антыген, архіепіскап, контрмеры, рэвакцынацыя, рэгенерацыя

8) суфіксы -ізм, (-ызм), -іст (-ыст), -ір (-ыр) і інш.: арганізм, рэўматызм, мікраарганізмы, пузыр, антаганізм, астыгматызм, пухір.

Заданні

1. Падбярыце да запазычаных слоў беларускія адпаведнікі.

Эксперымент, анархія, атэлье, дэфект, ілюстрацыя, кашнэ, п’едэстал, фрагмент, адсарбент, канстатацыя, антытэза, сімптом, антыпод, аратар, дыктатура, градацыя, дэмаграфія, асэптыка, фагацытоз, таксін, дысперсія, ландшафт.

2. Прачытайце тэкст. Выпішыце іншамоўныя словы. Дайце іх тлумачэнне.

Мікаплазмы

Мікаплазмы з’яўляюцца самымі малымі з цяпер вядомых пракарыёт, здольных да самаўзнаўлення. Характэрная рыса гэтых мікраарганізмаў – адсутнасць клеткавай сценкі. Мікаплазмы шырока распаўсюджаны ў прыродзе. Мініяцюрнасць мікаплазм вызначае абмежаванасць іх біяхімічных магчымасцяў і залежнасць ад вышэйшых арганізмаў. У працэсе эвалюцыі мікаплазмы прыстасаваліся да цеснага суіснавання з вышэйшымі эўкарыётамі. Гэта паразіты чалавека, млекакормячых, рэптылій, рыб і раслін.

Мікаплазмы здольны пераадольваць імунны кантроль і такім чынам не выклікаць пашкоджванняў тканін, звязаных з імунарэактыўнасцю мікраарганізма. Аднак пры некаторых умовах мікаплазмы могуць выклікаць у арганізме гаспадара паталагічныя змены. Мікаплазмы ўстойлівыя да ўсіх прэпаратаў, дзеянне якіх звязана з біясінтэзам бялкоў клеткавай сценкі. Да гэтай групы ў першую чаргу ставіцца пеніцылін. Адчувальныя ж мікаплазмы да інгібітараў сінтэзу мембранных і унутрыцытаплазматычных бялкоў (часопіс “Медыцына”).

3. Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Дайце загаловак. Падкрэсліце іншамоўныя словы.

Воздействие радиации на организм человека называют облучением. Во время этого процесса энергия радиации передается клеткам, разрушая их. Облучение может вызывать всевозможные заболевания: инфекционные осложнения, нарушения обмена веществ, злокачественные опухоли и лейкоз, бесплодие, катаракту и многое другое. Особенно остро радиация воздействует на делящиеся клетки, поэтому она особенно опасна для детей.

Организм реагирует на саму радиацию, а не на ее источник. Радиоактивные вещества могут проникнуть в организм через кишечник (с пищей и водой), через легкие (при дыхании) и даже через кожу при медицинской диагностике радиоизотопами. В этом случае имеет место внутренне облучение. Кроме того, значительное влияние радиации находится вне тела. Наиболее опасно, безусловно, внутреннее облучение (“Радиобиология и экология”).

Лексіка беларускай мовы паводле сферы ўжывання

Лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы ўжывання падзяляецца на агульнаўжывальную лексіку (ужывальную на ўсёй тэрыторыі дзяржавы і пашыраную ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і сацыяльных групах: смяяцца, імклівы, памяшканне; і лексіку абмежаванага ўжывання (ужывальную пераважна ў межах пэўнай прафесіі, галіны навукі, асобнай групы людзей): асавік, плаваць, меліярацыя, слядак. Да лексікі абмежаванага ўжывання адносяцца спецыяльная лексіка (прафесіяналізмы і тэрміны), дыялектная лексіка, жаргонная і аргатычная лексіка.

Прафесіяналізмы – гэта спецыяльныя словы і выразы, якія ўжываюцца ў маўленні прадстаўнікоў пэўных прафесій (будаўнікоў, шахцёраў, пчаляроў: таптухі, кашалі, крыгі – назвы розных прылад для лоўлі рыбы; майна, віра – у будаўнікоў і інш..).

Тэрміны (лац. terminus – “мяжа”) – словы або словазлучэнні, якія абазначаюць пэўнае паняцце ў галіне навукі, тэхнікі, культуры (інтэграл, сінус – у матэматыцы; марфема, прыслоўе – у мовазнаўстве і інш.);

Дыялектызмы – гэта словы, якія бытуюць у пэўных гаворках на пэўнай тэрыторыі і не ўваходзяць у склад літаратурнай мовы (картопля – бульба, тавар – карова на Палессі і інш.);

Жарганізмы (фр. jargon – “умоўная гаворка”) – гэта сукупнасць слоў, зразумелых вузкаму колу людзей, аб’яднаных пэўнымі інтарэсамі (“дзед” – салдат апошняга года службы, “хвост” па лабах, атрымаць “пару” у студэнтаў і г.д.);

Аргатызмы (франц. argot – “замкнуты, нядзейны”) – адна з разнавіднасцей жаргоннай лексікі, умоўная, тайная мова, характарызуецца вузкаспецыяльнай накіраванасцю, штучнасцю і засакрэчанасцю (шывар – тавар, бан – вакзал).

Заданні

1. Вызначце, да якога тыпу паводле ўжывання адносіцца слова. Патлумачце выбар.

Філон, яршоўка, рубанак, зубрыць, хвост, галень, драч, маўчацьмеш, дамушнік, разварот, папса, бабашка, хаза, трыгубіца, ныга, хоцьму, дажджуха, краснюк, ундзіна, завязаць, замятуха.

2. Запішыце словы па-беларуску.

Модификация, брезент, микроэлементы, этиология, нуклеиновая кислота, озоновый слой, хлорофил, окисление, клеточное дыхание, авитаминоз, водоросли, абсорбация, почва, гетерогенная система, брожение, эмульгирование.

3. Прачытайце. Выпішыце са сказаў прафесіяналізмы і навуковыя тэрміны. Вызначце, да якой галіны навукі, тэхнікі, вытворчасці яны адносяцца.

1.Асноўныя і агульныя кампаненты клеткі – вонкавая мембрана, цытаплазма і ядро. Клетка можа жыць і мінімальна функцыянаваць толькі пры наяўнасці ўсіх гэтых кампанентаў, якія цесна ўзаемадзейнічаюць між сабою і з навакольным асяроддзем. 2. Сэрца ўяўляе сабой фіброзна-мускульны орган крывяноснай сістэмы, які качае кроў у аптэрыяльную сістэму і забяспечвае яе зварот па венах. 3. Вынікі доследу паказалі, што атамы радыю ў працэсе радыеактыўнага выпраменьвання распадаюцца, ператвараючыся ў атамы іншых элементаў, у прыватнасці ў атамы гелію. 4. Гармоны, як біялагічна актыўныя сігнальныя хімічныя рэчывы, аказваюць складанае і шматграннае ўздзеянне на арганізм у цэлым або на вызначаныя органы і тканкі-мішэні. 5. У сувязі з узрастаннем тэндэнцыі сінантрапізацыі флоры Беларусі пад уздзеяннем тэхнагеннага забруджвання неабходна клапаціцца пра захаванне натуральнай гетэрагеннасці фітацэнафонду. 6. Вірусы з’яўляюцца своесаблівымі паразітамі, яны не здольныя размнажацца па-за клеткай. 7. Гігіена вывучае ўплыў фактараў навакольнага асяроддзя на здароўе чалавека, яго працаздольнасць і працягласць жыцця. Сёння ў гэтую навуку ўключана некалькі самастойных частак: гігіена ваенная, гігіена камунальная, гігіена харчавання, гігіена сацыяльная, гігіена працы і інш. 8. Кругаварот рэчываў у выглядзе біягеахімічных цыклаў з’яўляецца неабходнай умовай існавання біясферы. 9. Прамянёвае паражэнне ў залежнасці ад дозы можа прывесці да гібелі розных форм прамянёвай хваробы, астэніі, катаракты, зніжэння імунітэту, скарачэнне працягласці жыцця, узрастанне рызыкі з’яўлення анкалагічных захворванняў і генетычных пашкоджанняў. 10. Да найбольш небяспечных для прыродных экасістэм і чалавека адносяцца наступныя забруджвальныя рэчывы: радыенукліды, цяжкія металы, пестыцыды, аксіды вугляроду, азоту, дыяксід серы і інш.

2.3. Актыўная і пасіўная лекіка

Паводле ступені ўжывальнасці лексіка беларускай мовы падзяляецца на актыўную і пасіўную. Большасць слоў беларускай мовы адносіцца да актыўнай лексікі. Гэта словы агульнавядомыя і шырокаўжывальныя, пашыраныя як у вуснай, так і пісьмовай мове.Такіх слоў у беларускай мове большасць: бацька, сястра, чалавек, час, хлеб і інш. Пасіўную лексіку складаюць словы, якія носьбіты мовы ўжываюць рэдка. Яны маюць адценне ўстарэласці або навізны. Звязана гэта з пэўнымі працэсамі ў грамадстве, развіццём навукі, тэхнікі, культуры і мастацтва (валока, мануфактура, вакацыі, ланіты, біёніка, акрыл, аэраплан). Выдзяляюць наступныя віды пасіўнай лексікі:

гістарызмы – словы, што выйшлі з актыўнага ўжывання і сталі фактам «гісторыі»: фальварак, аброк, баярын;

архаізмы – словы, якія з’яўляюцца ўстарэлымі назвамі тых прадметаў і паняццяў, што існуюць у сучаснай рэчаіснасці, але абазначаюцца новымі словамі: аэраплан – самалёт, гута – шклозавод, раць – войска;

неалагізмы – гэта новыя словы ці новыя значэнні вядомых слоў, якія называюць новыя прадметы ці з’явы рэчаіснасці, што не страцілі адцення навізны: онлайн, смартфон, дрэскод, ф’юзар.

Заданні

1. Выпішыце спачатку гістарызмы, затым архаізмы. Падбярыце да іх сучасныя адпаведнікі. Карыстайцеся тлумачальным слоўнікам беларускай мовы.

Ураднік, рамёны, працадзень, чырвонаармеец, пасталы, каптур, дзіда, скрыжалі, кісцень, бранзалеты, лікбез, баярын, аброк, лемантар, магерка, атрамант, ланіты, валока, уста, тлумач, калчан, тартак, жупан, чало, дойлід, аканом, калітка, нэп, павятком, сеча, кварта.

2. Выпішыце неалагізмы, дайце іх тлумачэнне.

Стаханавец, эўкаліпт, біёніка, касмадром, рызаграфія, камп’ютар, галаграфія, асаднік, ваўчар, губерня, аўтабан, менталітэт, спадарожнік, мануфактура, акванаўт, аэраджып, маніторынг, маркетынг, дысплей, імідж, гала-канцэрт, іспыты, дызайн.

3. Прачытайце верш. Выпішыце ўстарэлыя словы, вызначце іх тып і функцыю ў тэксце. Якую функцыю выконваюць устарэлыя словы ў вершы.

Слова

Разбіваецца слова

аб прастору,

як птушка:

пранік, церніца, прасніца,

матавіла, барташка,

апалушкі, пярэтычкі,

дылі, білы, сявенькі…

Колькі слоў паўмірала –

Бабулек сівенькіх.

Данута Бічэль

ЛЕКСІКАГРАФІЯ

Лексікаграфія — раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца тэорыя і практыка складання слоўнікаў. Задачамі лексікаграфіі з’яўляюцца вызначэнне тыпаў слоўнікаў і будовы слоўнікавых артыкулаў, распрацоўка памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова, размежаванне ў слоўніках амонімаў. Дзякуючы ўсебаковаму даследаванню слова як моўнай адзінкі магчыма складанне слоўнікаў. У слоўніках не толькі фіксуецца, сістэматызуецца і апісваецца лексіка беларускай мовы, але і замацоўваюцца літаратурныя нормы, што спрыяе павышэнню пісьменнасці і культуры маўлення.

Слоўнік — гэта кніга, у якой фіксуюцца словы, пададзеныя ў алфавітным парадку; да слоў даюцца тыя ці іншыя тлумачэнні або пераклад на іншую мову. Слова, якое тлумачыцца ў слоўніку, называецца рэестравым словам. Рэестравае слова разам з усімі звесткамі пра яго складае слоўнікавы артыкул. Будова слоўнікавага артыкула вызначаецца тыпам слоўніка. Рэестравае слова падаецца ў слоўніках у пачатковай форме. Размяшчаюцца рэестравыя словы ў слоўніках у алфавітным або ў алфавітна-гнездавым парадку. Граматычная і стылістычная характарыстыкі слова даюцца шляхам выкарыстання розных памет. Да граматычных адносяцца паметы роду, назвы часцін мовы, паметы трывання, а таксама некаторыя іншыя паметы граматычнага характару. У стылістычную характарыстыку слова ўваходзяць паметы, якія паказваюць на абмежаванае выкарыстанне слоў: разм. (размоўнае), абл. (абласное), кніж. (кніжнае); на сферу выкарыстання. Тлумачэнне значэння слова ўдакладняецца ілюстрацыямі, якімі з’яўляюцца цытаты, узятыя з літаратурных крыніц. У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу могуць выкарыстоўвацца таксама цытаты са старажытных помнікаў, дыялектныя запісы, прыказкі і інш. Ілюстрацыйны матэрыял залежыць ад тыпу слоўніка. У слоўніках размяжоўваюцца мнагазначныя словы і словы-амонімы. Значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле, кожнае значэнне пазначаецца арабскай лічбай і падаецца з чырвонага радка (акрамя першага). Словы-амонімы пазначаюцца надрадковай лічбай, якая ставіцца пасля слова, і падаюцца ў асобных слоўнікавых артыкулах.

У слоўніках беларускай мовы сістэматызуецца і апісваецца беларуская лексіка. Вылучаюцца дзве групы слоўнікаў — энцыклапедычныя і лінгвістычныя. Энцыклапедычныя слоўнікі падаюць кароткія звесткі па ўсіх ці асобных галінах навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і інш. Яны тлумачаць не словы, а самі паняцці, прадметы, з’явы, падзеі, расказваюць аб гістарычных асобах, выдатных дзеячах навукі, культуры. Загаловак слоўнікавага артыкула ў такіх даведніках — гэта назоўнік ці словазлучэнне з назоўнікам. Энцыклапедычныя слоўнікі бываюць агульныя (універсальныя) і галіновыя. Да ўніверсальных належыць “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”, у якой расказваецца пра чалавецтва і сусвет, пра мінулае і сучаснае Беларусі, апісваюцца яе гарады і вёскі, рэкі і азёры, раслінны і жывёльны свет. Да галіновых энцыклапедычных слоўнікаў адносяцца “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі”. Энцыклапедычнымі даведнікамі з’яўляюцца і біяграфічныя слоўнікі, або персанальныя энцыклапедыі. Лінгвістычныя слоўнікі тлумачаць значэнне слова (фразеалагізма), вызначаюць яго ўжыванне, паходжанне, напісанне, вымаўленне, утварэнне, даюць яго граматычную і стылістычную характарыстыку. Яны бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя. У залежнасці ад таго, якія словы ўключаюцца ў слоўнік і як яны тлумачацца, аднамоўныя слоўнікі падзяляюцца на тлумачальныя, дыялектныя, арфаграфічныя, арфаэпічныя, тэрміналагічныя, фразеалагічныя і інш. Двухмоўныя і шматмоўныя — гэта перакладныя слоўнікі, у якіх пры дапамозе слоў роднай мовы тлумачацца словы іншай ці іншых моў або наадварот — да беларускіх слоў падбіраюцца адпаведнікі з іншых моў. Перакладныя слоўнікі дапамагаюць пры перакладзе тэкстаў з адной мовы на другую. У тлумачальных слоўніках раскрываецца значэнне слова, даецца яго граматычная і стылістычная характарыстыка, адлюстроўваецца мнагазначнасць, аманімія, падаюцца фразеалагізмы з гэтым словам. Будова слоўнікавага артыкула наступная: загаловачнае слова з абазначэннем націску, далей ідзе граматычная і стылістычная памета, раскрыццё сэнсу слова, пасля, пры неабходнасці,— кароткія словазлучэнні ці сказы. У канцы слоўнікавага артыкула, пасля знака <>,змяшчаюцца фразеалагізмы і тэрміналагічныя словазлучэнні. Арфаграфічныя слоўнікі вызначаюць правільнае напісанне слоў, садзейнічаюць замацаванню ў пісьмовай практыцы асноўных нормаў беларускага правапісу, павышэнню культуры мовы. Арфаэпічныя слоўнікі адлюстроўваюць літаратурнае вымаўленне слоў і іх формаў.

Заданні

1. Прачытайце. Раскажыце пра змест і будову слоўнікавых артыкулаў у тлумачальным слоўніку беларускай мовы.

НЕРВ, , мн. -ы, -аў, м. 1. Адзін з найтанчэйшых адросткаў-валокнаў, якія ўтвараюць разгалінаваную сістэму, што звязвае мозг з іншымі органамі і тканкамі цела. Зрокавы нерв.

2. мн. Уся такая сістэма, якая вызначае дзейнасць арганізма, стан і паводзіны чалавека. Нервы не вытрымалі.

3. перан. Цэнтр якой-небудзь дзейнасці, асноўная дзейная сіла чаго-небудзь. Нёман быў нервам сяла.◊ Выматаць усе нервы (разм) – змучыць, давесці да знямогі. Іграць на нервах (разм) – гнявіць, нерваваць каго-небудзь чым-небудзь. Трапаць нервы (разм) – хвалявацца, моцна нерваваць каго-небудзь // прым. нервовы, —ая, -ае. Навуковы цэнтр. Нервовыя хваробы. Нервовая сістэма.

2. З дапамогай “Русско-белорусского фразеологического словаря” А. І. Кісялёва вызначце беларускія адпаведнікі да наступных рускіх фразеалагізмаў

Семи пядей во лбу; в два (три) счета; в ежовых рукавицах; из-под полы; набивать оскомину; отрезанный ломоть; ума не приложу; к шапочному разбору, видно птицу по полету, у черта на куличках.



Страницы: Первая | 1 | 2 | 3 | ... | Вперед → | Последняя | Весь текст




map